WATCH DOCS Belarus

WATCH DOCS Belarus – міжнародны фестываль дакументальнага кіно пра правы чалавека, заснаваны аб’яднаннем Звяно ў 2015 годзе.

Місія фестывалю – стварэнне пляцоўкі для абмеркавання актуальных праблем сучаснасці людзьмі з рознымі пазіцыямі і поглядамі, прасторы для знаёмстваў і калабарацый розных сацыяльных груп, актывістаў, журналістаў, інтэлектуалаў і рэжысёраў.

адукацыйныя мерапрыемствы фэста

Мэта фестывалю – асвета ў галіне абароны свабод і правоў чалавека, павышэнне ўзроўню грамадзянскай актыўнасці і папулярызацыя дакументальнага кіно пра правы чалавека.

Ад самага пачатку фестываль будаваў сваю працу на згуртаванні валантэраў і рэгулярных краўдфандынгавых кампаніях. Фестываль праходзіў штогод у снежні ў Менску, а таксама без пэўнай часовай прывязкі ў іншых гарадах Беларусі (Горадня, Віцебск, Мазыр, Стоўбцы, Гомель, Маладэчна, Берасце). Уваход на мерапрыемствы фестывалю бясплатны.

Пасланне ірландскім сябрам-рэжысёрам, 2018 год

За гады працы WATCH DOCS Belarus зрабіўся самай маштабнай праваабарончай падзеяй, збіраў на пляцоўках да 3 тысяч гледачоў. Сярод гасцей фестывалю былі прадстаўнікі Мемарыяла, Human Rights Watch, Еўрапейскай камісіі, прадстаўніцтва ААН, дэпутаты парламента Эстоніі і Нямеччыны,  рэжысёры з Нідэрландаў, Польшчы, Ірландыі, Вялікабрытаніі, Украіны і Расіі. Адным з ганаровых гасцей фестывалю быў Адам Міхнік.

У 2018 годзе Фестывалем была заснавана публічная Антыпрэмія “WATCH DOCS памеціў” для дзяржаўных устаноў.

Каманда фэста ў 2018, кінатэатр МІР

У 2019 годзе Фестывалем была заснавана Прэмія для беларускіх рэжысёраў, грошы на якую збіраліся ад продажу квіткоў на беларускую праграму, а таксама з дапамогай краўдфандынгу. Пераможцамі фестывалю ў розныя гады былі фільмы “Добрых дзяўчынак не б’юць” Галіны Адамовіч, “Стрыптыз і вайна” і “Калі кветкі не маўчаць” Андрэя Куцілы, “Мая Нямеччына” Аляксандра Свішчанкова, “Гэта песня называецца 328” Аляксандры Дынько, “Беларусь 2020” Максіма Шведа, Андрэя Куцілы і Кацярыны Маркавец, “Адвага” Андрэя Палуяна, “Структура” Алісы Іода, “Радзіма яна мая” Ксеніі Галубовіч.

Таксама ў 2019 годзе WATCH DOCS Belarus стаў партнэрам онлайн-пляцоўкі VOKA і некаторыя фільмы фестывалю былі даступны онлайн бясплатна цягам года. 

У лістападе 2020 года адбылася калабарацыя з Belfast Film Festival. Гледачы Ірладныі змаглі больш даведацца пра Беларусь падчас паказаў фільмаў “Беларусь 2020” Андрэя Куцілы, Максіма Шведа, Кацярыны Маркавец, “Стрыптыз і вайна” Андрэя Куцілы, а таксама “Подых балот” Ігара Чышчэні.

У студзені 2021 года Фестываль быў прыняты ў міжнароднае аб’яднанне Human Rights Film Network

У сувязі з вымушанай эміграцыяй тысяч беларусаў, а таксама цяжкай палітычнай сітуацыяй у Беларусі, у 2021 годзе фестываль адбыўся онлайн і фільмы ўпершыню былі даступныя да прагляду на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы.


Гэта быў восьмы, апошні публічны WATCH DOCS Belarus, які прайшоў пад назвай Human Rights Extremist. Экстрэмістамі ў той год называлі журналістаў незалежных СМІ, праваабаронцаў, назіральнікаў у судах, проста актыўных грамадзян, а таксама за “прапаганду экстрэмізму” было ліквідавана грамадскае аб’яднанне “Звяно”, заснавальнік Фестывалю. 


Больш пра фестываль даступна тут.