У 2020 годзе грамадскае аб’яднанне “Звяно” перадало Віцебскаму цэнтру сучаснага мастацтва кнігу Казіміра Малевіча “Бог не скінуты. Мастацтва, царква, фабрыка”. Гэта першая і пакуль адзіная арыгінальная кніга Казіміра Малевіча ў музеі.
Кніга была напісана ў Віцебску ў 1920 годзе і на гэтую тэму мастак чытаў лекцыі. Хоць тагачасныя афішы папярэджвалі, што гэта непапулярныя веды, звычайна вольных месцаў не заставалася.
Выдадзеная ў Віцебску ў 1922 годзе ў колькасці 2 000 экзэмпляраў, кніга стала вялікай рэдкасцю. Спачатку яе знайшлі ў прыватнай калекцыі і зрабілі экспертызу. Затым актывісты аб’яднання правялі краудфандынгавую кампанію і сабралі сродкі на выкуп.
Урэшце ўрачыстая перадача прайшла ў Менску 23 лютага 2020 года, у дзень нараджэння Казіміра Малевіча. Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў у прысутнасці донатараў прыняў кнігу і прачытаў для іх нефармальную лекцыю пра УНОВІС і Малевіча.
На наступны дзень выданне вярнулася на гістарычную радзіму і зараз захоўваецца ў Музеі.