Уплыў на дзяржаўную алкагольную палітыку

Паводле даследаванняў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, з году ў год Беларусь застаецца на лідзіруючых месцах па спажыванні алкаголю. Паводле звестак МУС, колькасць спажыўцоў наркотыкаў у краіне працягвае павялічвацца. Белстат пацвярджае, што атручэнне алкаголем застаецца асноўнай знешняй прычынай смерці, а алкаголь — асноўнай прычынай дарожна-транспартных здарэнняў. Між тым, вызначыць дакладную колькасць залежных людзей немагчыма, а сама хвароба закранае не толькі чалавека, але і ўсю яго сям’ю і асяроддзе.

У Беларусі адсутнічае сыстэмнае ўзаемадзеяньне грамадзкіх аб’яднаньняў і дзяржаўных органаў у пытаньнях дапамогі залежным людзям, нерэглямэнтаваная праца рэабілітацыйных цэнтраў, у грамадзтве няма адэкватнага ўяўленьня пра залежнасьці і мэтады лячэньня.

Грамадскае аб’яднанне «Звяно» разам з ГА «Прабуджэнне» і PAN Studio выступае суарганізатарам 24-гадзіннага онлайн-марафону Не-Залежнасці, які трансліраваўся на галоўнай старонцы партнёраў Onliner.by 26-27 траўня 2016 года.

Мэта Марафону — публічнае абмеркаванне праблемы з экспертамі, медыкамі, прадстаўнікамі дзяржаўных службаў і аб’яднанне намаганняў дзяржавы, тэрапеўтычнай і грамадзянскай супольнасцей для павышэння эфектыўнасці прафілактыкі, лячэння і рэабілітацыі залежных людзей. Партнёрамі і ўдзельнікамі Марафону сталі грамадскія арганізацыі, вядомыя музыкі і журналісты, грамадскія дзеячы і інтэлігенцыя: Аляксандр Кулінковіч, Тамара Лісіцкая, Павел Харланчук-Южакоў, Ганна Бонд, Дзяніс Дудзінскі, Маша Непарадкіна, Стась Карпаў, Дзмітрый Падбярэзкін, Сяргей Дубавец, Сяргей Харэўскі, Аляксандр Памідораў, Сяргей Чалы, Ілля Маліноўскі, Валярына Кустава, Алесь Пілецкі, Павел Аракелян, Глеб Лабадзенка, Жывая Бібліятэка, Маці супраць наркотыкаў, рэабілітацыйны цэнтр «Фенікс», прастора «Уверх», студыя дызайну Адліга, хакейны клуб «Дынама» Мінск, група кампаній MediaCube, Naka Piano, Navi Band і іншыя. Экспертамі выступілі дактары профільных аддзяленняў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя і таксікалагічнага аддзялення бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.

Публікацыі праекта на сайце партнёра:

https://people.onliner.by/2016/05/26/marafon-ne-zavisimosti

Вынікам «Марафона Не-Залежнасці» сталі пэўныя прапановы ў дзяржаўныя органы адносна мер прафілактыкі, лячэння і дапамогі залежным людзям з боку грамадскіх аб’яднанняў і неабыякавых ініцыятыў:

1) Неабходна актывізаваць супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю і прыняць меры па падтрымцы арганізацый, якія аказваюць дапамогу залежным людзям (з выкарыстаннем каэфіцыента 0,1 для арэнды памяшканняў для арганізацый, дзе працуюць групы самадапамогі залежных людзей у Мінску і рэгіёнах, а таксама для арганізацый, якія займаюцца рэабілітацыяй залежных людзей; сацыяльнае партнёрства ў сферы прафілактыкі злоўжыванняў: доступ грамадскіх аб’яднанняў да вылучаных дзяржаўных сродкаў на прафілактыку злоўжыванняў праз удзел у публічных конкурсах/тэндэрах, якія праводзяцца дзяржавай, прыцягненне шырокага кола грамадскіх арганізацый да абмеркавання дзяржаўных праграм і планаў мерапрыемстваў, накіраваных на дапамогу залежным людзям, інфармаванне аб працы грамадскіх аб’яднанняў);

2) Абмежаванне доступу да алкагольных напояў (увядзенне забароны на продаж алкаголю ў начны час; скарачэнне вытворчасці танных він, падвышэнне кошту алкагольных напояў і піва; забарона продажу алкагольных напояў і піва каля дзіцячых і школьных устаноў у межах 200 метраў);

3) Падрыхтоўка наркологаў (распрацаваць спецыяльны курс па адыктыўных паводзінах са спецыялістамі рэабілітацыйных цэнтраў і аддзялення псіхатэрапіі і медыцынскай псіхалогіі РНПЦ і ўвесці праграму навучання псіхолагаў; падрыхтоўку школьных псіхолагаў);

4) Меры па аказанні першаснай прафесійнай дапамогі залежным людзям (увядзенне на буйных прадпрыемствах пасады сузалежнага кансультанта, які будзе кансультаваць залежных працаўнікоў і працаваць з прафілактыкай злоўжыванняў);

5) Увядзенне альтэрнатывы пакаранню за дзеянні, учыненыя на аснове залежнасцяў (пры кіраванні транспартным сродкам у стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення, акрамя мер адміністрацыйнай адказнасці, неабходна прымяняць: абавязковае наведванне суполак ананімных алкаголікаў, іншыя групы самадапамогі і праграмы, якія супрацоўнічаюць з грамадскімі арганізацыямі, або наведванне псіхолага, які працуе з залежнасцямі за кошт парушальніка на працягу трох месяцаў. За няцяжкае злачынства, звязанае з залежнасцю, якое прадугледжвае пакаранне да 5 гадоў пазбаўлення волі, увядзенне ў заканадаўства альтэрнатыўных мер адказнасці – спецыяльнае лячэнне ад залежнасцяў замест пазбаўлення волі);

6) Меры па стварэнню ўмоў для рэабілітацыі залежных асоб (сумесна з грамадскімі рэабілітацыйнымі цэнтрамі распрацаваць канцэпцыю рэабілітацыйных цэнтраў; павялічыць працягласць праграм медыцынскай рэабілітацыі з 28 да 60 дзён з прадастаўленнем лістка непрацаздольнасці; пачаць лячэнне залежных асоб не толькі па месцы рэгістрацыі).