30 сакавіка 2021 года ў прасторы «Месца» адбылося адкрыццё выставы «Машына дыхае, а я – не».
31 сакавіка ў выставачнай прасторы быў планавы выходны дзень.
1 красавіка ў залю, дзе праходзіла выстава, прыйшлі інспектары з санэпідстанцыі, Міністэрства надзвычайных сітуацый, а таксама людзі ў цывільным, якія не прадстаўляліся. Арандатарам памяшкання было выдадзена прадпісанне, што прастора не адпавядае санітарна-эпідэміялагічным нормам, а таксама нормам пажарнай бяспекі, таму ўваход наведвальнікам забаронены.
Такім чынам выстава прапрацавала роўна адзін дзень.
2 красавіка быў выдадзены ордэр на вобшук офіса ГА «Звяно» і прыватных кватэр актывістаў аб’яднання.
3 красавіка прайшло запланаванае адкрытае анлайн-інтэрв’ю з рэаніматолагам- анестэзіёлагам Уладзімірам Мартавым, які яшчэ ў першую хвалю пандэміі зрабіў публічнай інфармацыю пра «аварыю» з падачай кіслароду, у выніку чаго загінулі хворыя на COVID пацыенты. Пасля гэтага ён быў звольнены.
5 красавіка адбыліся вобшукі і затрыманні пяці актывістак аб’яднання па падазрэнню ў здзяйсненні крымінальнага злачынства («фінансаванне пратэстаў», «падрыхтоўка асоб для здзяйснення дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у такіх дзеяннях»).
«Машына дыхае, а я – не» – праект пра палітызацыю медыцыны, пра пандэмію COVID-19 і пра медыкаў, якія працягвалі змагацца за жыццё пацыентаў ва ўмовах адмаўлення праблемы ўладамі Беларусі. Ідэя праекта ўзнікла пасля аналізу даных маніторынгу сістэмы аховы здароўя, які праводзіла ГА «Звяно» вясной і летам 2020 года.
Пачынаючы працу над праектам, куратарская група сутыкнулася з тым, што існуе не так многа праектаў беларускіх аўтараў, якія даследуюць тэму пандэміі, а тым больш тых, якія працуюць з медыкамі і станам, у якім яны знаходзяцца. Безумоўна, мастакі і фатографы рэагавалі на новыя ўмовы вясны 2020 года, але хутчэй даследавалі свой асабісты стан і рэакцыі на новы лад жыцця.
У гэты ж час беларускае грамадства перажывала радыкальную трансфармацыю свядомасці. У той час, калі ўлады адмаўлялі праблему і не прымалі мераў для абароны насельніцтва, людзі ўзялі адказнасць на сябе самастойна і ратавалі сітуацыю асабіста (прымалі меры па самаізаляцыі, насілі маскі, падтрымлівалі грамадзянскія ініцыятывы ў дапамогу медыкам). Даследаванне гэтых перамен у грамадстве было асноўным матывам праекта.
У выставе «Машына дыхае, а я – не» былі прадстаўлены пяць праектаў, а таксама запланаваны анлайн-сустрэчы з лекарамі, дыскусіі на пляцоўках і іншыя актыўнасці. Назва выставы – з праекта «Запіскі пацыентаў, ляжачых пад ШВЛ» лекара Галіны Краснапёраўскай. Аўтарка зняла лісты людзей, якія доўгі час знаходзіліся пад ШВЛ і не мелі магчымасці паўнавартасна камунікаваць. Запіскі былі адзіным сродкам перадаць свае думкі і жаданні. Для некаторых гэтыя пасланні сталі апошнімі словамі.
Выбраная фраза падкрэслівае ўразлівасць чалавечага жыцця і яго залежнасць ад знешняй падтрымкі, а таксама стан беларускага грамадства цягам усяго 2020 года.
Таксама на выставе былі прадстаўлены:
– Праект Максіма Сарычава «Куды зніклі кветкі»;
– Фотарэпартаж Алеся Пілецкага «Чырвоная зона» з Віцебскай гарадской бальніцы хуткай меддапамогі (зроблены пры спрыянні тагачаснага загадчыка аддзялення рэанімацыі Ўладзіміра Мартава, які пазней быў звольнены);
– Праект «Гісторыі лекараў. 2020 год» Машы Святагор, Веранікі Лазарэвіч і Юліі Ваўчок;
– «Маніфест» арт-групы «Хто калі не мы» Васілісы Палянінай і Андрэя Арно, які заклікае беларускае грамадства працягваць салідарызавацца.