Праграма рэабілітацыі была адкрыта ў Мінску з лютага 2021 года, аднак калі распачаўся працэс ліквідацыі аб’яднання, мы былі вымушаны яе закрыць пасля трох месяцаў працы.
Праграма рэабілітацыі былых асуджаных была створана, каб:
• сацыялізаваць людзей, якія сутыкнуліся з цяжкасцямі ў працаўладкаванні і аднаўленні кантактаў пасля вызвалення;
• садзейнічаць рэалізацыі і абароне іх правоў і інтарэсаў;
• садзейнічаць фарміраванню ў грамадстве талерантнага, паважлівага і недыскрымінацыйнага стаўлення да раней асуджаных.
Кожны чалавек, які вярнуўся з турмы, ужо адбыў пакаранне і мае права аднавіць павагу да сябе.
Былыя асуджаныя могуць звяртацца да нас па псіхалагічную дапамогу і атрымаць кансультацыю сацыяльнага працаўніка і юрыста, а таксама запісацца на курсы, каб навучыцца базавым звычкам працы з камп’ютарам; карыстацца камп’ютарам і доступам у Інтэрнэт.
У нашай працы асаблівая ўвага будзе нададзена ахвярам катаванняў. Людзі, якія зведалі катаванні, могуць разлічваць на комплексную рэабілітацыю, якая ўлучае сацыяльную, юрыдычную, медыцынскую і псіхалагічную дапамогу.