Умовы, у якіх пачалася і працягваецца эпідэмія каранавіруса ў Беларусі, маюць унікальны характар. З самага пачатку кіраўніцтва краіны і Міністэрства аховы здароўя адмаўлялі небяспечнасць хваробы для жыцця грамадзян, не ўводзіліся каранцінныя меры, афіцыйная статыстыка па захворванні і смяротнасці выклікала ў грамадства вялікія сумневы. Расследаванні незалежных журналістаў і сведчанні асобных лекараў адлюстроўвалі катастрофу ў асобных шпіталях. Паралельна з афіцыйнай бяздзейнасцю ўзніклі грамадскія ініцыятывы па забеспячэнню лекараў сродкамі індывідуальнай абароны і гарачай ежай, а таксама заклікі ад лекараў трымацца мераў фізічнай ізаляцыі.
У такіх умовах быў распачаты маніторынг працы сістэмы аховы здароўя праз анкетаванне пацыентаў і лекараў. Мэтай маніторынгу былі збор незалежнай інфармацыі пра сітуацыю і ацэнка эфектыўнасці мер Міністэрства аховы здароўя для прадстаўлення Міністэрству і грамадскасці.
Першыя вынікі апытання былі накіраваны Міністэрству аховы здароўя 28 красавіка 2020 года, на афіцыйны ліст Звяна быў афіцыйны адказ – «вынікі накіраваны ўсім зацікаўленым асобам».
У траўні 2020 года пад час змены юрыдычнага адраса ГА «Звяно» у нефармальнай размове прадстаўніца Мінюста рэкамендавала не працягваць аб’яднанню займацца маніторынгам. Тым не менш праца працягвалася, і аналіз атрыманай інфармацыі стаў асновай для працы над праектам выставы «Машына дыхае, а я – не» у гонар медыкаў Беларусі.
У чэрвені 2021 года ГА «Звяно» атрымала папярэджанне Мінюста за працу над маніторынгам – «проведенный мониторинг работы системы здравоохранения в период эпидемии является нарушением законодательства и не соответствует целям и задачам объединения». Гэта папярэджанне было абскарджана ў судзе, але безвынікова.
Асноўныя вывады прадстаўлены ў інфаграфіцы.