Асветніцка-сацыяльнае грамадскае аб’яднанне «Звяно» упершыню зарэгістравана рашэннем Мінгарвыканкама 28 жніўня 2013 года. Пасля арышту пяці актывістак аб’яднання і распачатай крымінальнай справы ў красавіку 2021 года, ліквідавана ў Менску ў студзені 2022 года. У Беларусі займаліся праваабарончай дзейнасцю і адвакацыяй сацыяльных праблем.
Хроніка пераследу актывістаў
5 красавіка 2021 года ў нашым офісе і кватэрах прайшлі ператрусы, адабранне тэхнікі і дакументаў, а 5 супрацоўніц былі затрыманыя па падазрэнні ў крымінальнай справе. 8 красавіка прайшлі суды, усім прад’явілі артыкул 23.4 «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў». 3 супрацоўніцы правялі 7 сутак у ІЧУ, а дырэктарка Таццяна Гацура-Яворская пасля 3 сутак у ізалятары была пераведзена ў СІЗА-1.
12 красавіка Таццяну прызналі палітзняволенай. Увесь той час, што наша каманда правяла ў ізалятары, да іх ужываліся катавальныя ўмовы ўтрымання: камеры без ацяплення, адсутнасць прадметаў асабістай гігіены, перадач, пасцельнай бялізны, матрацаў, коўдраў, дзённае і начное яркае святло, пад’ёмы сярод ночы, адзіночная камара, псіхалагічны ціск, адсутнасць медычнай дапамогі. 15 красавіка Таццяну выпусцілі на волю, у дакуменце на вызваленне пазначана, што «адпала неабходнасць утрымання пад вартай».
Муж Тані, Уладзімір Яворскі, быў вымушаны зʼехаць з Беларусі пасля другога ператрусу, ужывання фізічнага і псіхалагічнага ціску, пад пагрозай адміністратыўнага арышту, адабрання ў прытулак сына і дэпартацыі. Яму прыйшлося пакінуць краіну разам з васьмігадовым сынам цягам 48 гадзінаў (столькі часу адвялі супрацоўнікі КДБ перш як пачаць выконваць пагрозы). Усе актывісткі па-ранейшаму знаходзяцца ў статусе падазроных па крымінальнай справе. Звароту нашай маёмасці да гэтага часу не адбылося. У сакавіку 2022 года пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Ўкраіну(у тым ліку з тэрыторыі Беларусі) кіраўнік аб’яднання, Таццяна Гацура-Яворская, таемна пакінула Беларусь, каб быць побач з сямʼёй і дапамагаць Украіне.
Хроніка пераследу аб’яднання альбо Апошняе Звяно
Згодна з заканадаўствам Беларусі падставай для ліквідацыі грамадскага аб’яднання можа быць два пісьмовых папярэджання рэгіструючай установы. Таксама аб’яднанне можа быць ліквідавана без гэтай умовы, калі займаецца прапагандай вайны і экстрэмісцкай дзейнасці.
19 траўня 2021 года Галоўнай управай юстыцыі Мінгарвыканкама грамадскаму аб’яднанню быў накіраваны ліст, які патрабаваў падаць дадатковыя звесткі пра дзейнасць аб’яднання. Звесткі было немагчыма падаць на той падставе, што 5 красавіка ў аб’яднання падчас ператрусу канфіскавалі ўсе дакументы і тэхніку. Кіраўнік аб’яднання наведала офіс Мінюста, каб патлумачыць сітуацыю і высветліць дэталі. Падчас прыёму галоўная спецыялістка ўправы Драчан О.Р. заявіла, што дадзена каманда ліквідаваць аб’яднанне і прапанавала добраахвотна “самаліквідавацца”. Актывісткі аб’яднання адмовіліся ад такога шляху, і 4 чэрвеня аб’яднанню было вынесена пісьмовае папярэджанне. Апроч інфармацыі, якую не падала «Звяно», па меркаванню рэгістрыруючай установы, аб’яднанне не мела права займацца маніторынгам працы сістэмы аховы здароўя падчас ковід. Звяно падала іск у суд, каб абскардзіць гэта рашэнне і падала суду пратаколы вобшуку, з якіх вынікала, што ўсе дакументы і тэхніка знаходзяцца ў Следчым камітэце, а таксама адмову Следчага камітэта на хадайніцтва вярнуць частку неабходных дакументаў, якія патрабаваў Мінюст. Таксама Звяно адстойвала сваё права згодна са Статутам і заканадаўствам Беларусі ажыццяўляць збор і аналіз інфармацыі ў сферы аховы здароўя і грамадскага кантролю за дзейнасцю дзяржаўных устаноў.
20 ліпеня Мінскі гарадскі суд стаў на бок Мінюста, пакуль Рашэнне не набыло моц, яно было абскарджана ў Вярхоўны суд.
22 ліпеня ў Мінскі гарадскі суд Галоўнай управай юстыціі Мінгарвыканкама быў накіраваны іск аб ліквідацыі аб’яднання. У заяве Мінюста было адзначана, што аб’яднанне займаецца экстрэмісцкай дзейнасцю, а кіраўніцтва аб’яднання распаўсюджвае непраўдзівыя сведчанні пра палітычную, эканамічную, сацыяльную сітуацыю, чым дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь. Гэта сцвярджэнне вынікала з ліста ўправы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі Мінгарвыканкама. Сам ліст ад “сілавікоў” быў з пазнакай “для службовага карыстання”, прадстаўнікі ГА “Звяно” не былі азнаёмлены з гэтым дакументам падчас разгляду, да матэрыялаў справы замест ліста была прыкладзена цыдулка судзі, што яна з ім азнаёмлена. У сувязі з тым, што ў іскавай заяве на ліквідацыю падставай для ліквідацыі значылася пісьмовае папярэджанне, якое аб’яднанне абскарджвала ў Вярхоўны суд, Мінскі гарадскі суд адклаў разгляд справы да рашэння Вярхоўнага суда па справе Пісьмовага папярэджання.
14 верасня 2021 года Вярхоўны суд вынес рашэнне, што Мінскі гарадскі суд па іску Звяна на Пісьмовае папярэджанне Мінюста да ГА “Звяно” меў рацыю. Пісьмовае папярэджанне набыла моц.
5 кастрычніка аднавіўся працэс ліквідацыі ГА “Звяно” у Мінскім гарадскім судзе. Не было ўхвалена хадайніцтва ГА “Звяно” пра выклік сведак і прадстаўленне матэрыялаў праверкі ўправы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі Мінгарвыканкама, згодна з якімі ГА “Звяно” займалася прапагандай экстрэмісцкай дзейнасці. Рашэннем суда ГА “Звяно” было ліквідавана. Пакуль рашэнне не набыло моц, у аб’яднання быў тэрмін на абскарджанне.
Каб зацягнуць працэс, аб’яднанне накіравала апеляцыйную скаргу без сплаты мыта і атрымала час да 5 лістапада для выпраўлення хібаў. Пасля сплаты мыта справу накіравалі ў Вярхоўны суд.
17 студзеня 2022 года адбыўся разгляд справы ў Вярхоўным судзе. Вярхоўны суд прыйшоў да высноў, што ГА “Звяно” парушала заканадаўства і Статут аб’яднання, займалася прапагандай экстрэмізму, а кіраўнік аб’яднання распаўсюджвала непраўдзівую інфармацыю, дыскрэдытуючую палітычны, сацыяльны, эканамічны лад Рэспублікі Беларусь. Рашэннем Вярхоўнага суда ГА “Звяно” ліквідавалі.
Гэта было апошняе афіцыйна зарэгістраванае праваабарончае аб’яднанне ў Беларусі.
Напрамкі працы ГА “Звяно” у Беларусі: адрасная дапамога ўразлівым групам (залежныя бацькі-адзіночкі, асобы, вызваленыя з месцаў зняволення), адвакацыя, накіраваная на паляпшэнне паслуг аховы здароўя (залежныя людзі, доступ да прышчэпак ад ВПЧ, маніторынг працы сістэмы аховы здароўя ва ўмовах COVID), асвета і адвакацыя ў галіне правоў чалавека (фестываль дакументальнага кіно пра правы чалавека WATCH DOCS Belarus, фотавыстава, прысвечаная беларускім медыкам “Машына дыхае, а я – не”, вяртанне ў Беларусь кнігі Казіміра Малевіча “Бог не скінуты”), удзел у падрыхтоўцы дакладаў праваабаронцаў і дакументаванне катаванняў пасля падзей жніўня 2020 года.
Звяно аднавіла рэгістрацыю ва Украіне 28 красавіка 2022 года. Мэтай аб’яднання з’яўляецца дапамога ў рэалізацыі і абароне правоў і свабод чалавека, дапамога вайсковаму і грамадзянскаму насельніцтву, якое пацярпела ад вайны, а таксама зніжэнне негатыўных наступстваў вайны.
Ва Ўкраіне займаемся гуманітарнай дапамогай (збіраем грошы і набываем VAC-апараты для тэрапіі раненых ва ўкраінскіх шпіталях), рэабілітацыяй былых вайсковых (Рэабілітацыйны цэнтр “ЛАНКА”), а таксама культурніцкімі праектамі, накіраванымі на дыялог паміж двума народамі (Фестываль дакументальнага кіно “1084. На мяжы”, выстава прац Уладзіміра Цэслера).